ІАНІЗАЦЫ́ЙНАЯ КА́МЕРА,
прылада для рэгістрацыі і спектраскапіі іанізавальных выпрамяненняў. Мае рабочы аб’ём газу паміж двума электродамі (плоскімі, цыліндрычнымі ці інш.), да якіх прыкладзена эл. напружанне. Бывае імпульсная (рэгіструюцца асобныя часціцы і вымяраецца іх энергія) і інтэгральная (вымяраецца інтэнсіўнасць выпрамянення).
Прынцып дзеяння І.к. заснаваны на збіранні электродамі эл. зарадаў, якія ўзніклі толькі ў выніку першаснай іанізацыі газу (у адрозненне ад інш. газавых дэтэктараў, напр., Гейгераўскага лічыльніка). Можа выкарыстоўвацца і для рэгістрацыі нейтронаў: пры рэгістрацыі павольных нейтронаў у рабочы аб’ём І.к. ўваходзяць злучэнні бору (напр., фтарыд бору), а пры рэгістрацыі хуткіх нейтронаў — вадарод.
т. 7, с. 139
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)